Привет, Гость
  • Нравится
  • 11

Іван Шамякін – чалавек-эпоха


Категория: Новости библиотек / Литературные новости Просмотров: 663
30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, нашага знакамітага земляка Івана Шамякіна.

ДУ «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» прапануе ўспомніць або пазнаёміцца з творамі Івана Шамякіна. Дапаможа ў гэтым праект «Іван Шамякін – чалавек-эпоха».

У анлайн-фармаце на сайце ўстановы ў бліжэйшыя два тыдні вы зможаце:
► прыняць удзел у віктарыне «Іван Шамякін: сцяжынкамі маленства і сталення» і галасаванні «Мая любімая кніга Івана Шамякіна»
прачытаць пра экранізацыі кніг пісьменніка
► пазнаёміцца з выставай «Чалавек – пісьменнік – сусвет» (філіял №2)
► паглядзець відэамарафон чытання твораў пісьменніка «Промні маленства» (філіял №16)
► пазнаёміцца з аўтографамі Івана Шамякіна ў праекце Музея аўтографа «Область в лицах. Юбиляры года»
► пазнаёміцца з новым інфармацыйным рэсурсам «Пісьменнікі ў адзін клік»

Таксама ў гарадскіх бібліятэках да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна праходзіць цыкл выстаў і мерапрыемстваў «Мудрасць шчодрага таленту». Больш падрабязна даведацца пра іх можна ў Анонсе мерапрыемстваў.

Іван Шамякін – чалавек-эпоха


Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Карма Гомельскага павета Гомельскай губерні (цяпер Добрушскага раёна Гомельскай вобласці) ў сялянскай сям’і. Сын лесніка, ён так імкнуўся да літаратуры, да чытання. Аднакласнік па кармянскай школе даверыў Івану сямейную таямніцу: яго бацька ў куфры захоўваў некалькі тамоў дарэвалюцыйнага выдання Ляскова, нікому не дазваляў дакранацца. Але нейкім чынам Іван Шамякін са строгім дзядзькам дамовіўся... «Упершыню я чытаў сур’ёзнага “дарослага” пiсьменнiка, класiка... Пазнаваў зусiм iншае жыццё, iншыя чалавечыя страсцi i – дзiвосна ўзбагачаўся».

У 1936 годзе Іван Шамякін скончыў сем класаў Макоўскай школы, вучобу працягнуў у Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў (1936-1940). Па заканчэнні тэхнікума працаваў тэхнікам-тэхнолагам цаглянага завода ў Беластоку. У 1940 годзе быў прызваны на службу ў рады Чырвонай Арміі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Поўначы, на Карэльскім фронце, удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы.

Іван Шамякін – чалавек-эпоха
Іван Шамякін. Германія, 1945 г.


Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1945 года Іван Шамякін працаваў да 1947 года выкладчыкам мовы і літаратуры няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Прокапоўка Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці. Затым былі вучоба ў Гомельскім педагагічным інстытуце, праца старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская Айчына» і выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», намеснікам Старшыні праўлення Саюза Пісьменнікаў БССР.

Іван Шамякін – чалавек-эпоха
У рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Мінск, студзень 1981 г.


Іван Шамякін рана пасталеў на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны. На яе дарогах атрымаў вялікі жыццёвы вопыт. «Он – из поколения победителей, а это совершенно особое поколение, люди исключительные, понимающие, что свое главное дело в жизни – спасение мира от фашизма – совершили именно они. Потому в них жили и гордость, и особый, ненаигранный патриотизм, и стремление донести до последующих поколений все, что они пережили», – распавядае пра свайго бацьку Таццяна Іванаўна Шамякіна.

Іван Шамякін адным з першых у савецкай літаратуры закрануў тэму Вялікай Айчыннай вайны. Першае яго апавяданне «У снежнай пустыні», прысвечанае ваенным будням, з’явіўся ў 1944 годзе. Пра вайну быў і наступны твор – аповесць «Помста», напісаная ў 1945 годзе.

Усенародная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў стала тэмай і першага рамана Шамякіна «Глыбокая плынь», за які ён атрымаў Сталінскую прэмію. Пісьменніку належыць і самы маштабны ў беларускай літаратуры твор пра вайну – пенталогія «Трывожнае шчасце», заснаваная на фактах з уласнага жыцця і лёсаў яго блізкіх людзей. У цыкл увайшлі кнігі «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі і сустрэчы», «Мост». Асаблівае месца ў творчасці аўтара займае тэма «жанчына і вайна». Ёй майстар прысвяціў аповесці «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт».

Іван Шамякін заўсёды трымаў руку на пульсе часу. Для сваіх твораў ён выбіраў актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, з усёй сілай таленту і абвостранага грамадзянскага пачуцця ўздымаў важныя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» і іншыя кнігі пісьменніка ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

Выступіў Іван Шамякін і як гісторык. У рамане «Петраград-Брэст» расказана аб першых месяцах існавання Савецкай дзяржавы, аб барацьбе за заключэнне Брэсцкага мірнага дагавора. У гістарычным рамане «Вялікая княгіня», напісаным у 1996 годзе, пісьменнік узнімае праблему вяртання да Бога.

Іван Шамякін таксама аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў і партрэтаў, якія ўвайшлі ў кнігі «Размова з чытачом», «Карэнні і галіны», дзённікавыя запісы «Роздум на апошнiм перагоне», «Начныя ўспаміны» і іншыя выданні.

Вось, напрыклад, навошта Шамякін кожны раз, прыязджаючы ў родны Гомель, ішоў на вуліцу Астроўскага? «Хадзiў там з дзiўным душэўным трапятаннем, – распавядае пісьменнік у кнізе «Начныя ўспамiны». – Вулiца не гарэла, i кожны драўляны дом быў да шчымоты ў сэрцы знаёмы. Гэта была вулiца нашага з Машай кахання, на ёй Маша кватаравала, i я штовечар лётаў туды на спатканне». Сваю будучую жонку Іван Шамякін убачыў яшчэ ў пятым класе. Пажаніліся яны з Марыяй за год да пачатку вайны, разам пражылі 58 гадоў. Марыі Філатаўне Шамякін прысвяціў першую частку пенталогіі «Трывожнае шчасце» і аповесць «Слаўся, Марыя!».

Іван Шамякін – чалавек-эпоха
Іван Шамякін з жонкай і ўнучкай


У дзённіках шмат нечаканага... Атрымліваў зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Пасля абеду ў Доме літаратара зламаў руку. Прычым недарэчна, зваліўся ў гардэробе, зачапіўшыся за бар’ер. «Ашаламiла мяне гэтае падзенне. На абедзе залiшне многа гаварылi пра мае рукi – як многа iмi напiсана, i гэта, маўляў, таму, што я пiшу дзвюма рукамi, i гэтак далей...»

Усяго з-пад пяра Івана Шамякіна выйшла 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, некалькі дзясяткаў апавяданняў, дзённікавыя запісы, вялікая колькасць артыкулаў, нарысаў. За 60 год творчага шляху выйшлі ў свет 130 кніг пісьменніка агульным тыражом звыш 25 млн. асобнікаў. Аб таленавітым пісьменніку зняты дакументальныя фільмы «Пакуль ёсць сіла» і «Імгненні жыцця».

Іван Шамякін – чалавек-эпоха
Пісьменнік Іван Шамякін дае аўтографы.
Вёска Мікалаеўшчына (на радзіме Якуба Коласа), верасень 1974 г.



Пры падрыхтоўцы былі выкарыстаны матэрыялы сайтаў: belta.by, sb.by, belta.by, nlb.by, delaemvmeste.byскачать dle 10.4фильмы бесплатно
дата: 20.01.2021
автор: Darya


Нашли ошибку? Выделите ее, нажмите ctrl+Enter и мы все исправим.
  • Комментарии