герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Віртуальны краязнаўчы партрэт да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна

Бібліятэка-філіял №2
«Чалавек – пісьменнік – сусвет»
Віртуальны краязнаўчы партрэт да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна


«Сюжэты мне падкідвае жыццё», гаварыў наконт сваёй літаратурнай плённасці Іван Пятровіч. Відаць, таму такая жыццёвая яго, шамякінская, проза. Відаць, таму, выходзячы ў свет, яго творы нязменна знаходзілі водгук у сэрцах чытачоў.



Імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна добра ведаюць і любяць чытачы. Яго кнігі "Крыніцы", "Трывожнае шчасце", "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", "Петраград - Брэст" і многія іншыя складаюць шматтомны летапіс мінулай эпохі, яскрава і ўсебакова раскрываюць лёс беларускага народа ў XX стагоддзі.
30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння знакамітага пісьменніка. Прапануем вам віртуальную выставу аб яго жыцці і творчасці.


Шамякін І.П. з чытачамі


Багата талентаў нарадзіла Гомельскае Палессе. Не стала выключэннем і веска Карма, дзе 30 студзеня 1921 года ў беднай сялянскай сям`і нарадзіўся Іван Шамякін, будучы беларускі пісьменнік.


“Біяграфія мая надзвычай кароткая і вельмі звычайная” – сціпла пісаў пра сябе зусім незвычайны пісьменнік, творчасць якога ўвайшла ў класіку беларускай літаратуры. Але шлях да народнай любові быў поўны руплівай працы.
Больш за шэсцьдзесят гадоў аддана служыў нацыянальнай літаратуры прызнаны майстар слова Іван Пятровіч Шамякін. За гэты час ім напісана шмат буйных твораў мастацкай прозы, пьес і сцэнарыяў, выдадзена некалькі кніг публіцыстыкі, якія ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай культуры. Іван Пятровіч Шамякін – яркі прыклад пісьменніка-грамадзяніна, які прысвяціў свой велізарны талент служэнню Айчыне і беларускай літаратуры. Ён ” Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, адзін з нешматлікіх беларускіх літаратараў, якога паважліва называлі "жывым класікам".
Ён быў прызнаным, ушанаваным і любімым пісьменнікам. А разам з тым чалавекам, якому шмат давялося перажыць у жыцці асабістым. Рана застаўся без бацькоў, трагічна загінула сястра. На сабе спазнаў увесь жах вайны – ад пачатку да канца воінам Савецкай арміі прайшоў усю Вялікую Айчынную. Цяжка перажыў заўчасную смерць сына, несуцешным болем заставалася для яго страта адзінай і любай жонкі Марыі Філатаўны, з якой у згодзе пражылі амаль 60 гадоў.

Знаёмства з беларускай літаратурай

пачалося яшчэ ў раннім дзяцінстве. Бацька Шамякіна вельмі любіў зімовымі вечарамі чытаць “Новую зямлю” Я. Коласа. Гэты твор зрабіў вялікі ўплыў на будучага пісьменніка. З класікам беларускай літаратуры Шамякіну пашчасціла пазнаёміцца ў 1949 годзе.
З успамінаў пісьменніка:

“Упершыню я асабіста сустрэўся з Якубам Коласам у 1949 годзе. Дагэтуль я бачыў яго толькі на нашых пісьменніцкіх сходах, пленумах, чуў выступленні, але непасрэдна гутарыць з ім не даводзілася. І вось аднойчы ўлетку група маладых пісьменнікаў – Антон Бялевіч, Кастусь Кірыенка, Іван Мележ, Янка Брыль, Аляксей Русецкі, Анатоль Вялюгін, Іван Грамовіч і я – наведала народнага паэта ў яго невялікім доме, які прытуліўся ў сасняку ў двары Акадэміі навук”.


Якуб Колас з маладымі беларускімі пісьменнікамі каля свайго дома.
Сярод пісьменнікаў Іван Шамякін. 1949 г.





Аўтограф Якуба Коласа на зборы твораў, падараваным І.Шамякіну.


З цікавых і цеплых успамінаў пра дзяцінства,

будучы пісьменнік згадваў, што любіў насіць кнігі на галаве, чым раздражняў бацьку: «...я лоўка навучыўся ладны стус кніг несьці на галаве. Чаму гэта так моцна абурыла бацьку — не магу ўцяміць і цяпер. Доўга ён прыпамінаў мой акрабатычны нумар. «То ж трэба! Усе людзі як людзі, а ён — што шут гарохавы. На галаве кнігі носіць! Шурку дроў узвалі на дурную галаву! ».

У 1936 годзе Іван Шамякін заканчвае Макаўскую сярэднюю школу і паступае ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў.


Іван Шамякін, студэнт Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў,з сябрам. 1939 г.


Пасля сканчэння тэхнікума, едзе працаваць ў Беласток па размеркаванню.

Каханне

Праз два гады ажаніўся з Марыяй Кротавай. Як распавядаў сам Шамякін, ведаў яе з пятага класа, потым выпадкова сустрэў у кіно перад пачаткам трэцяга курса і “па-сапраўднаму і вельмі палымяна закахаўся ў студэнтку-медычку Машу Кротаву”.


Іван Пятровіч і Марыя Філатаўна ў санаторыі. Нясвіж, 1968 г.


Каханне гэтае прайшло выпрабаванне пяцігадовай разлукі і вайны. Але, нягледзячы на цяжкасці, сямейнае жыцце, даўжынёй у 58 гадоў, было шчастлівым, нарадзілася чацвера дзяцей. Шамякін вельмі захапляўся жонкай і зрабіў яе прататыпам многіх вобразаў у сваіх раманах. Як пісаў сам пісьменнік пра сваё каханне:

“І я слаўлю наша каханне! У першую чаргу тваё. Хоць усё пачалося ад мяне, ад майго дзіцячага, юнацкага захаплення, ад маёй прагі кахаць і быць каханым. Лічу, што лёс мяне ўзнагародзіў – падарыў Цябе. Ён зводзіў нас на жыццевых сцежках. Мы ж маглі згубіць адно аднаго ў віры жыцця. Нам наканавана было пражыць жыццё разам”.

Іван Пятровіч таксама быў вельмі ўдзячны жонцы за дапамогу ў пісьменніцкай дзейнасці:
“… перадрукавала не адзін дзясятак тысяч старонак рукапісаў (я пішу ад рукі, не асвоіў машынку – не было патрэбы), перачытала гэтыя ж тысячы старонак карэктур, і неаднойчы, некаторыя па некалькі разоў пры перавыданнях, я карэктуру перавыданняў не чытаў – шкадаваў часу, ён патрэбны быў для напісання новага, я жыў, калі сачыняў новы раман, аповесць, п`есу”.

У 1940-1945 гадах служыў у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам. Адтуль дасылае першыя свае апавяданні ў часопіс “Полымя”.


І.Шамякін 1941 г.


Пасля дэмабілізацыі, працуе настаўнікам у весцы Пракопаўка Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці. З 1946 года вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута.

Творчасць

У гэтым жа годзе пачынае працу над вядомым раманам “Глыбокая плынь”. А ў жніўні 1948 пераязджае жыць ў Мінск разам з сям`ей, і ў гэты ж час у часопісе “Полымя”, нарэшце, друкуецца раман.
Гэта гісторыя пра настаўніцу Таццяну Маеўскую, якая выратавала яўрэйскага хлопчыка, выдаўшы яго за сваё дзіцё. Раман прысвечаны партызанскай барацьбе з фашыстамі, акцэнтуе ўвагу на неверагоднай мужнасці і гераізме партызан у змаганні супраць карнікаў.



У 1963 годзе выходзіць з друку раман “Сэрдца на далоні”. Твор прысвечаны жыццю гарадской інтэлігенцыі. Галоўныя героі змагаюцца за аднаўленне праўды і справядлівасці, за рэабілітацыю імен сапраўдных герояў і выкрыцце здраднікаў.



1964 год таксама быў пленны. Іван Шамякін завершыў пятую аповесць цыкла “Трывожнае шчасце” – “Мост”. Самая любімая яго кніга, як прызнаваўся сам пісьменнік. У цэнтры ўвагі лёс пакалення, што прайшло праз цяжкія ваенныя выпрабаванні, але засталося верным сабе і праўдзе.



У 1968 годзе выходзіць з друку раман “Снежныя зімы”. Падзеі адбываюцца ў пасляваенны час, але мы бачым водгук тых часоў ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі. Твор закранае цэлы спектр маральных праблем, якія вырашаюцца праз узаемаадносіны паміж сябрамі, бацькамі і дзецьмі, праз сямейныя і службовыя адносіны.



У 1974 годзе друкуецца раман “Атланты і карыятыды”. Асноўны канфлікт – маральна-псіхалагічны. Галоўны герой твора Максім Карнач, прагрэсіўны архітэктар, змагаецца за сваю ідэю прыгожай і практычнай забудовы горада. Змаганне цяжкае і складанае, бо па іншы бок супрацьстаіць унутраная збедненасць і антымараль камуніста-функцыянера Макаеда.



1979 год таксама быў прадуктыўны для пісьменніка. Выходзіць з друку вядомы раман “Вазьму твой боль”. У цэнтры ўвагі расказ пра лёс таго пакалення беларусаў, якое ў час вайны было дзецьмі і якое яна асіраціла. Але і дагэтуль ваенная трагедыя адгукаецца ў жыцці людзей і нярэдка ломіць іх шчасце.


У 1981 годзе адбылася экранізацыя аднайменнага рамана.



Кадры з кінастужкі «Вазьму твой боль» паводле рамана
Івана Шамякіна.


Будучы класікам беларускай літаратуры Шамякін дастаткова самакрытычна ставіўся да сябе і сваёй творчасьці:
«Не хапала ў мяне мудрасці „пісаць у стол“. Я спяшаўся ўсё апублікаваць, што выходзіла з-пад пяра. І яшчэ аднов... Не без уплыву Андрэя Макаёнка, я ў мыслях сваіх, у размовах за чаркай займаў апазыцыйную лінію да афіцыйнай ідэалогіі, асабліва брэжнеўскага часу. Але ў сваёй дзейнасці партыйнага прапагандыста – ня буду крывіць душой – я ўсё ж быў зашораным артадоксам, гэткім жа, як і Машэраў (...) У гэтым трагедыя не аднаго яго – мільёнаў. І мая. Я лічыў, што сваёй творчасцю памагаю партыі ў выхаванні новага чалавека. На жаль, мы яго ўяўлялі такім жа зашораным, гэтага чалавека».
Іван Шамякін прыйшоў ў літаратуру з творамі пра Вялікую Айчынную Вайну. Як пісаў сам класік: “Я дакладна ведаю і магу сказаць, што буду звяртацца да ваеннай тэмы, мабыць, да канца свайго жыцця”.
Але пры гэтым яго творчасць прасякнута духам сапраўднага гуманізму, ідэямі барацьбы супраць няроўнасці і вайны. Творы, актуальныя ва ўсе часы, сеюць вечныя каштоўнасці дабра, справядлівасці і праўды. Кожны можа далучыцца да гэтага свету, узяўшы кнігі беларускага класіка ў бібліятэцы.

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўваліся кнігі:
Іван Шамякін: Жыцце і творчасць/[Склад. Т. І. Шамякіна]. – Мн.: Нар. Асвета,1982. – 95 с., іл.
Навумовіч, У.А. Беларуская літаратура: вучэб. дапам./ У.А. Навумовіч. – Мінск: Выш. шк., 2007. – 478 с.
Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць/[Склад. Т. І. Шамякіна]. – Мн.: Лім, 2011. – 272 с.
Іван Шамякін. Летапісец эпохі: успаміны, інтэрв`ю, эсэ/[Склад. Алесі Шамякінай]. – Мн.: Маст. літ, 2010. – 382 с., іл.
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 3/ Нац. акад. навук Беларусі. – Мн.: Беларуская навука, 2002. – 952 с.
Сайт: https://narbel.bsu.by/

Падрыхтавала бібліятэкар I катэгорыя Верамейчык Наталля
скачать софт