Ёсць у беларускай літаратуры імёны, якія свецяць нам скрозь пакаленні, нібы далёкія, але неверагодна яскравыя зоркі. І першае сярод іх – Максім Багдановіч! 12 лістапада ў літаратурна-мастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” адбылася ўрачыстая вечарына “Святло далёкай зоркі”, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Вечарына падрыхтавана ў міжнародным фармаце сумесна з рабочай групай Парламента па справах беларусаў замежжа калектывам гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна і пісьменніцкай арганізацыяй Гомельшчыны.
Атмасферу свята з першых хвілін задаў дуэт цымбалістаў Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага ў складзе Наталлі Кутушавай і Юліі Малашчанкі (канцэртмайстар Вольга Мікалаеўна Харытончык), які выканаў вядомую кампазіцыю “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Гасцям мерапрыемства нагадалі пра кароткі, але неверагодна яркі жыццёвы і творчы шлях паэта. Вядучыя прасачылі яго лёс ад дзяцінства ў Мінску і вымушанага ад’езду сям’і ў Расію да выхаду адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок” і апошніх дзён у сонечным Крыме.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч. “
У гісторыі амаль кожнай нацыянальнай паэзіі ёсць паэты, жыццё якіх як легенда. Імёны іх, як сімвалы таленавітасці, шчырасці, самаахвярнасці. У рускага народа – гэта Міхаіл Лермантаў і Сяргей Ясенін, у балгар – Хрыста Боцеў, у літоўцаў – Юлюс Яноніс, у венграў – Шандор Петэфі. У нас, беларусаў, – гэта Максім Багдановіч. Падобна тым метэорам мільганулі яны на небасхіле паэзіі, але тое, што яны паспелі зрабіць, не проста засталося ў людской памяці, але і дапамагло народам сфарміравацца як самабытнай нацыі. Безумоўна: зоркай першай велічыні застаўся ў паэзіі і сэрцах беларусаў паэт-гуманіст, праўдалюбца Максім Багдановіч, спадчыну якога на працягу ўжо больш чым стагоддзе мы шануем нараўне з векапомнай творчасцю заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. І не выпадкова беларусы, куды б не закінуў іх лёс, у якой краіне свету яны б не жылі, шануюць памяць пра выдатнага песняра-патрыёта”, – адкрываючы вечарыну, падкрэсліў парламентарый, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Уладзімір Гаўрыловіч.
Асаблівай старонкай вечара стала відэападарожжа ў Ялту – месца, дзе знайшоў свой апошні спачын паэт. Удзельнікі сустрэчы паглядзелі відэасюжэт з берагоў Чорнага мора, дзе працягвае жыць памяць пра нашага земляка. Таксама прынялі цёплае відэавіншаванне ад старшыні савета Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” Рамана Чэгрынца. Кіраўнік беларускай дыяспары, у прыватнасці, падкрэсліў, што намаганнямі крымскіх беларусаў магіле беларускага паэта сёлета нададзены статус рэспубліканскай каштоўнасці, а таксама ажыццяўляецца шэраг праектаў па папулярызацыі яго творчасці і беларускай культуры ў паўднёвай рэспубліцы Расіі. Удзельнікам юбілейнай вечарыны быў прадэманстраваны дакументальны фільм аб дзейнасці беларусаў Крыма.

Несмяротныя радкі беларускага песняра ў гэты дзень атрымалі асаблівае гучанне ў выкананні вядомых пісьменнікаў, лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча і Міколы Ждановіча, уладальнікаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Тамары Кручэнкі, Міколы Дзямчыхіна і Лідзіі Долбікавай.
Паэзія Багдановіча не ведае межаў, што пацвердзілі відэавыступленні гасцей з Расіі. Дзмітрый Несцярэнка з Тулы прачытаў пераклад верша класіка, а Вольга Наважылава з Краснадара падзялілася ўласным паэтычным прысвячэннем беларускаму паэту.
Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў прысутным за памяць аб выдатным беларускім паэце і падараваў міжнародныя альманахі “Літара” на трох славянскіх мовах – для папаўнення фондаў гарадскіх бібліятэк.
Яркім фінальным акордам вечарыны стала выступленне народнага ансамбля бальнага гісторыка-бытавога танца «Серебряный век». Артысты выканалі пяшчотную танцавальную кампазіцыю пад знакаміты раманс “Зорка Венера”.
Сустрэча ў бібліятэцы імя А.І. Герцэна яшчэ раз паказала, што спадчына Максіма Багдановіча застаецца жывым скарбам, які яднае пакаленні і краіны.
Тэкст: загадчык аддзелам абслугоўвання Ірына Цуранаваскачать dle 10.4фильмы бесплатно