18 красавіка бібліятэка-філіял № 1 імя І.П. Мележа запрасіла вучняў 5 “А” класа ДУА “Гімназія № 14 г. Гомеля” на этнаграфічную гасцёўню “Абрады і святы беларускай хаты”. Мерапрыемства адбылося ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта “Край беларускі, край самабытны”.
У імправізаванай сялянскай хаце дзяцей хлебам і соллю сустрэлі гасцінныя гаспадыні. Яны прапанавалі школьнікам перанесціся ў мінулае і даведацца, як праводзілі будныя дні і як сустракалі святы нашы продкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама ўспомнілі, якія прадметы народнага побыту яны бачылі ў сваіх бабуль і дзядоў, расказалі, што захавалася ў іх дома.
Гімназісты пазнаёміліся з асаблівасцямі беларускага народнага касцюма і абутку, ахвотна праявілі сябе ў мастацтве завязвання хусткі рознымі спосабамі, прынялі ўдзел у гульні “Апранайся па-беларуску”. Вялікую цікавасць і шмат пытанняў выклікала ў дзяцей знаёмства з такімі відамі народнага рамяства, як ткацтва і вышыўка. Вучні ўважліва разглядалі ручнікі, абрусы, паясы, праслухалі цікавыя факты пра дадзеныя вырабы і абрады, у якіх яны выкарыстоўваліся.
Упершыню рабяты ўбачылі выраб з бярозавай кары – берасцянку. Ён аказаўся не простым, а з загадкамі, у якіх сабрана мудрасць беларускага народа.
Пасля знаёмства з побытам беларусаў гімназісты ўспомнілі святы народнага календара: Каляды, Масленіца, Троіца, Купалле, Спас і іншыя.
Больш падрабязна вучні пазнаёміліся з асаблівасцямі святкавання Вялікадня. Уважліва праслухаўшы інфармацыю аб унікальных велікодных традыцыях (некаторыя дайшлі і да нашых дзён), дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях “Каціся, каціся, яечка”, “Перадай яйка па крузе”, “Здагадайся”, размалявалі яйкі і ўпрыгожылі імі святочную галінку.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі шчыра павіншавалі адзін аднаго з надыходзячым святам Вялікадня і пачаставаліся прысмакамі.
Сустрэча паказала, наколькі неабыякавыя і зацікаўленыя дзеці ў захаванні традыцый беларускага народа.
Тэкст: загадчык філіяла Капусціна Л.А.скачать dle 10.4фильмы бесплатно