29 кастрычніка а 11-й гадзіне ў Музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна адбудзецца адкрыццё
планшэтнай выставы “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…” з фондаў установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”.
3 лістапада 2024 года спаўняецца 142 гады з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Для большасці з нас Якуб Колас – вядомы пісьменнік і паэт, таленавіты вучоны і выдатны педагог. Але Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч праявіў сябе і як грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Гэты бок яго дзейнасці раскрывае выстава “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”. Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з фотаматэрыяламі і дакументамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, звязанымі з дзейнасцю Якуба Коласа як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР.
Без сваёй увагі Якуб Колас не мог пакінуць многія праблемы: аднаўленне гарадоў, разбураных падчас Вялікай Айчыннай вайны; асвятленне вуліц і рамонт дарог у населеных пунктах і вёсках; ашчаднае выкарыстоўванне вады і электрычнасці; вырашэнне жыллёвых пытанняў; садзейнічанне вяртанню на Беларусь лепшых кадраў для развіцця навукі і культуры краіны. Дэпутацкія клопаты адымалі шмат часу і сіл пісьменніка, але народны паэт, чулы да людской бяды, гора і няшчасця, адчуваў унутраны абавязак дапамагаць.
Выстава “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…” была падрыхтавана Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа да 140-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. У верасні 2022 года яна была прадстаўлена на адкрыцці дзевятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Затым экспанавалася ў розных гарадах Беларусі. Цяпер пазнаёміцца з ёй ёсць магчымасць і ў гамяльчан.
Выстава “Якуб Колас. Маё ХХ стагоддзе…” будзе дзейнічаць
па 28 лістапада 2024 года. Уваход вольны.
скачать dle 10.4фильмы бесплатно