Бібліятэка-філіял №2 распачала цыкл лекцый пра традыцыйную культуру беларусаў “Вытокі і карані”. Гэты цыкл стаў лагічным працягам бібліятэчнага культурна-этнаграфічнага праекту “Часоў злучальная нітка”, над якім бібліятэка-філіял №2 працуе ўжо 7 год.
Першай тэмай мы выбралі этнафіласофію, якая даследуе і сістэматызуе ўвесь комплекс уяўленняў пра свет традыцыйнай супольнасці.
“Этнафіласофія. Беларуская традыцыйная культура як інтэлектуальны феномен” – лекцыя доктара сакральнай тэалогіі, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны Дубянецкай прайшла 3 лютага ў
бібліятэцы-філіяле №2.
Лектар пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з сучаснымі беларускімі акадэмічнымі этнафіласофскімі даследваннямі, у тым ліку і новымі выданнямі Інстытута філасофіі НАН Беларусі.
На лекцыі разглядалі сувязі беларускай традыцыі з іншымі культурнымі традыцыямі, эстэтычную і навуковую каштоўнасць беларускага матэрыялу па даследаванні традыцыйнай карціны свету, а таксама асаблівасці беларускай традыцыйнай культуры і светапогляду. Пагутарылі аб старажытнасці самой фальклорнай традыцыі і яе значэнні для сучаснай прасторы.
Цікава, што некаторыя жанры і сюжэты каляндарнага цыклу захаваліся толькі ў беларускіх запісах. Таму беларускі фальклорны матэрыял мае вялікую каштоўнасць для рэканструкцыі інда-еўрапейскай касмалогіі: краін славянскага, балта-славянскага арэалу, шырокага абсягу еўрапейскіх і інда-еўрапейскіх краін.
Звяртайцеся да традыцыйнай культуры як да ведаў і абавязкова знойдзеце адказы на пытанні, якія хвалююць вас.
Сачыце за праектам – наперадзе шмат цікавых тэм і сустрэч.
Ірына Дубянецкая прымала ўдзел ва ўкладанні і рэдакцыі манаграфій, якія вы знойдзеце ў бібліятэках нашай установы:
Упершыню пададзена спроба сістэматычнай рэканструкцыі ключавых тэм, ідэй і канцэптаў традыцыйнага светапогляду беларусаў, якая ахоплівае народныя ўяўленні аб паходжанні і будове свету, аб чалавеку, аб справядлівым грамадскім уладкаванні і фундаментальных каштоўнасцях традыцыйнага грамадства беларусаў.
У першай кнізе серыі з пяці ілюстраваных кніг, прысвечаных ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра ўяўленні аб паходжанні і будове Сусвету, структуры жыццёвай прасторы чалавечай супольнасці, пра кругабег часу.
У другой кнізе серыі, прысвечанай ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра ўяўленні аб шматмернай сакральнай сферы чалавечага досведу, Бога і боскага свету, адносінах паміж Богам і чалавекам, элементах веры і культу.
Тэкст: загадчык бібліятэкі-філіяла №2 Песенка В. В.
скачать dle 10.4фильмы бесплатно