Падчас апытання да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа “Што для вас значаць Янка Купала і Якуб Колас” мы нярэдка атрымлівалі відэаролікі, у якіх людзі расказвалі, што адкрылі творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа праз песні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».
Чытача бібліятэкі-філіяла №12 імя Самуіла Маршака Лізавету Новікаву, напрыклад, уразіла “Малітва” на вершы Янкі Купалы ў выкананні Уладзіміра Мулявіна.
Супрацоўнік бібліятэкі-філіяла №2 Наталля Свірыдзенка прыгадала песні на вершы Янкі Купалы “Спадчына” і “Чорныя вочы”, а таксама “Мой родны кут” Якуба Коласа.
Кіраўнік ансамбля “Песняры” Уладзімір Мулявін нярэдка казаў у інтэрв'ю, што Янка Купала стаў яго любімым паэтам. Разам з ім артыст пазнаваў Беларусь. На вершы Янкі Купалы ансамблем створана больш за тры дзесятка песень, опера-прытча “Песня пра долю” і рок-опера “Гусляр”.
Якуб Колас усяго двойчы трапляў у поле зроку “Песняроў”. На яго вершы напісаны песні “Мой родны кут” і “Каханне”.