23 лютага таленавіты беларускі паэт, перакладчык, настаўнік творчай моладзі, ганаровы член Саюза пісьменнікаў, член Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхаіл Міхайлавіч Болсун адзначае 80-годдзе.
Няпросты лёс выпаў сыну франтавіка, ураджэнцу вёскі Балсуны на Чачэршчыне Міхасю Болсуну, як і ўсім дзецям вайны. Але вырас ён сумленным чалавекам са шчырай душою, выхаванай на чалавечай дабрыні ды выдатных узорах прыгожага пісьменства. Ён вельмі цягнуўся да мастацкай творчасці.
Вельмі рана прыйшлося яму даведацца смак заробленага з уласнага мазаля хлеба: пасля заканчэння школы працаваў рабочым саўгаса ў Кіраваградскай вобласці. Пасля быў загадчыкам Палескай сельскай бібліятэкі на Чачэршчыне, тры гады служыў у Савецкай Арміі. І спрабаваў пісаць: артыкулы, вершы ў газеты. У выніку яго старанні і поспехі былі заўважаны, што і прывяло Міхася Болсуна ў красавіку 1965 года на журналісцкую працу.
Ад літаратурнага супрацоўніка да намесніка рэдактара прайшоў працоўны шлях у чачэрскай раённай газеце "Трыбуна камунізму". А вышэйшую адукацыю атрымліваў завочна: скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. А пасля была няпростая работа рэдактарам Буда-Кашалёўскай раённай газеты "Авангард", вучоба ў Мінскай вышэйшай партшколе, пасля якой больш чвэрці стагоддзя працаваў старэйшым рэдактарам, загадчыкам аддзела, рэдактарам аддзела навін Гомельскага абласнога тэлерадыёаб’яднання.
Як паэт М. М. Болсун упершыню выступіў у перыядычным друку ў 1958 годзе. Публікаваў у раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх друкаваных выданнях свае вершы, артыкулы, яго творы пастаянна гучалі і зараз гучаць на радыё. Паэт актыўна ўдзельнічаў у літаратурных праектах аблтэлерадыёаб'яднання, ініцыяваў выданне на Гомельшчыне літаратурных калектыўных зборнікаў, у якіх удзельнічаў і як аўтар. У 2004 годзе выйшла першая кніга паэзіі "Яблыня ў фаце", у 2006-ым — зборнік таленавітага аўтара "Там, дзе задумлівы Сож", у 2009 годзе – "Спатканне з поўняй", у 2016 годзе – "Блізкае – далёкае". Таксама пісьменнік выдаў зборнік нарысаў пра вядомых людзей Чачэршчыны. У 2021 годзе ў Расіі выдадзены выбраныя пераклады вершаў паэта на рускай мове, зробленыя членамі Саюза пісьменнікаў Расіі - партнёрамі Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".
Цыклы вершаў Міхася Болсуна публікуюцца ў літаратурным друку Беларусі, Расіі, Украіны і зараз. Яны – пра наша жыццё, няпростае і такое цікавае. Ужо 15 гадоў таленавіты аўтар з'яўляецца нязменным настаўнікам творчай моладзі Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», выкарыстоўваючы для гэтай няпростай працы розныя формы ўзаемадзеяння: сустрэчы, прэзентацыі, майстар-класы. Ён пастаянны і самы актыўны ўдзельнік фестывальнага літаратурнага руху на Гомельшчыне, удзельнічае ў майстар-класах для ўдзельнікаў конкурсаў. Паэт аказвае вялікую дапамогу сістэме культуры і адукацыі вобласці, нягледзячы на ўзрост, на пандэмію, папулярызуючы кнігі, беларускую нацыянальную культуру і народныя традыцыі.
За ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры, папулярызацыю творчасці беларусаў за межамі нашай краіны Міхась Болсун адзначаны Граматай Гомельскага аблвыканкама, адзначаны ўзнагародамі Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Украіны, прызнаны ганаровым членам ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Міхась Болсун з'яўляецца лаўрэатам прэміі Гомельскага аблвыканкама "Літаратурная прэмія Кірылы Тураўскага", ён таксама лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі Бояна ( Расійская Федэрацыя), шэрагу абласных прэмій Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі. З'яўляецца ганаровым грамадзянінам Чачэрскага раёна.
Нягледзячы на складанасці, звязаныя з пандэміяй, Міхась Болсун працягвае сваю асветніцкую працу па прапагандзе беларускай літаратуры, народных традыцый і культуры, падаючы прыклад маладым аўтарам.
Сардэчна віншуем таленавітага майстра слова з юбілеем!
Здароўя і шчасця Вам, паважаны Міхаіл Міхайлавіч!
Тэкст: Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”
З цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А.І. Герцэна Міхаіла Міхайлавіча звязвае даўняе сяброўства. Паэт – пастаянны госць літаратурна-мастацкага салона “Сустрэчы на Замкавай”, дзе не аднойчы праходзілі прэзентацыі яго кніг і творчыя вечарыны. Часта бывае Міхась Болсун на сустрэчах з чытачамі і ў гарадскіх бібліятэках.
У
музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі захоўваюцца шматлікія аўтографы паэта.
Чытачы і калектыў сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля ад усёй душы віншуюць Міхаіла Міхайлавіча Болсуна з юбілеем!
Жадаем Вам моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі, натхнення і ажыццяўлення ўсіх Вашых творчых ідэй!
скачать dle 10.4фильмы бесплатно