герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Не стала Васіля Юр’евіча Ткачова

13 лютага 2022 года перастала біцца сэрца таленавітага беларускага пісьменніка Васіля Юр’евіча Ткачова, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза тэатральных дзеячаў, лаўрэата літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей і юнацтва, расійскай прэміі імя Баяна, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2017 года.

Васіль Ткачоў быў самым вялікім сябрам цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна і ўсіх гарадскіх бібліятэк. Без яго ўдзелу не праходзіла ніводнае буйное мерапрыемства. На працягу больш за 10 гадоў ён быў нязменным старшынёй журы конкурсу “Лепшы чытач дзіцячых кніг”.

Васіль Юр’евіч браў удзел у выбары пераможцаў віртуальнага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, прымеркаваным да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Падтрымаў акцыю “Мы памятаем! Мы ганарымся!» і стаў літаратурным рэдактарам аднайменнага зборніка. У гэтым зборніку былі сабраны эсэ гамяльчан, прысвечаныя таму, што адбывалася з іх бацькамі, бабулямі, дзядулямі і іншымі сваякамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Васіль Ткачоў быў пастаянным ўдзельнікам вечарын у літаратурна-мастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” і шматлікіх творчых сустрэч у гарадскіх бібліятэках. Вялікім задавальненнем было слухаць яго выступленні падчас імпрэз, яго такую прыгожую, меладычную беларускую мову, ва ўласцівай яму манеры, заўсёды з добрым гумарам, вялікім аптымізмам і любоўю да жыцця і людзей.

Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна (1955-1963). Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна (1963-1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы, г.п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце на касмадроме Байканур. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі.

З 1980 года жыў і працаваў у Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі “Сельмашавец”, стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты “Гомельская праўда”, у 1989-2005 гг. узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у рабоце ІХ з'езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992). Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006). З 1989 г. – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. З 2006 года – член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Аўтар 25 кніг прозы, публіцыстыкі і драматургіі.

Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры за кнігу “Снукер” (2011), лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей (2012) і расійскай імя Баяна за ўмацаванне літаратурных сувязяў (2000). Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага за кнігу п’ес “Последний” (2013) і кнігу публіцыстыкі “Сцежкі-дарожкі” (2018). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі за кнігу п’ес “Характары” (2017).

Шырока вядомы як драматург. Спектаклі па п’есах Васіля Ткачова запатрабаваны ў тэатрах нашай краіны, а таксама ў Расіі, Казахстане, Эстоніі, Таджыкістане.
У тэатрах, на тэлебачанні і радыё ажыццёўлены пастаноўкі п’ес “Вокны”, “Сівы бусел”, “Курорт для зяця”, “Стары і дарога”, “Ігнатаў рубеж”, “Добрае стаўленне да сабакі”, “Лесвіца”, “Прыгоды з Канапухіным”, “Следчы эксперымент”, “Шкірдзюкі займаюць абарону”, “Перапалох”, “Усміхаўся месяц белай вішні”, “Хтосьці ходзіць за акном...”, “Апошні”, “Белы ліст”, “Без Ягора будзе гора”, (“На ўсе сяло адзін мужык”), “Букет для ўнука” (сумесна з Ю. Вута), “Бліндаж” (па аповесці В. Быкава), “Лялькі”, “Два мяшкі цукерак”, “Вушасцік”, “Дзе жыве Некукарэка”, “Як воўк мамай быў”, “Непаслухмяная запалка”, “Аднойчы гарачым летам...”, “Чарадзейны рукзачок”, “Некалючык”, “Заяц-гром”, “Снежная каралева”, “Страказа і Мурашка” і іншыя.

Пераможца закрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшую п’есу (“Стары і дарога”) і іншых творчых конкурсаў. Творы таленавітага пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, гугаузскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы.
Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.
В.Ю. Ткачоў быў членам рэдкалегіі часопіса “Вожык”.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2012). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Адзначаны прэміяй Рагачоўскага райвыканкама “Залаты Рог” (2014). Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна (2016).

Да апошняга дня творы, артыкулы, інтэрв’ю В.Ю. Ткачова з’яўляліся ў перыядычным друку Беларусі. Ён шчыра адгукаўся на прапановы савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб удзеле ў творчых літаратурных акцыях і мерапрыемствах па папулярызацыі літаратуры і чытання. Таленавіты творца часта выступаў перад школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, вайскоўцамі, актыўна ўдзельнічаў у майстар-класах па выніках Форума маладых літаратараў Гомельшчыны. За актыўную творчую і грамадскую працу В.Ю. Ткачоў 5 сакавіка 2020 года ўзнагароджаны медалём Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.

Калектыў ДУ «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» смуткуе ў сувязі са смерцю таленавітага беларускага пісьменніка і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.скачать dle 10.4фильмы бесплатно
Дата: 14.02.2022
Опубликовано: Valenti


Нашли ошибку? Выделите ее, нажмите ctrl+Enter, и мы все исправим.