31 мая ў бібліятэцы-філіяле №15 адбылася творчая сустрэча «Шчодры сэрцам і талентам» з вядомым пісьменнікам, празаікам і драматургам, аўтарам шматлікіх кніг прозы для дзяцей і дарослых Васілём Ткачовым.
Наш знакаміты зямляк, як неблагi акцёр, таленавiта расказаў прысутным аб уласных творах, якія кранаюць цеплынёй, гумарам, добразычлiвасцю, любоўю да людзей вёскi – працавiтых, адкрытых душою i сэрцам i ў нечым наiўных. Юных чытачоў Васіль Ткачоў пазнаёміў з кнігамі апавяданняў для малодшага школьнага ўзросту «Высокі страх», «Незвычайны дыктант», «Жыла-была ёлачка», «Хітры Данік», з п’есамі-казкамі «Добры саначнік Аўдзей» і «Чарадзейны рукзачок». Юныя чытачы даведаліся, што такое высокі страх, каму спатрэбіліся цёплыя абноўкі, хто выпіў ваду, пра цёплыя зярняткі, пра непаслухмянае мыла, пра сінічку-паштальёна і многае іншае. Для маленькіх герояў яго кніг усё важна – яны цікавяцца навакольным светам, вучацца, дапамагаюць дарослым.
Дзеці даведаліся аб тым, як Васіль Ткачоў стаў пісьменнікам, як развівалася яго літаратурная дзейнасць. Пісьменнік даваў парады, як зрабіць разумны выбар паміж дабром і злом, супрацьстаяць спакусам сённяшняга жыцця, знайсці свой шлях і прайсці з годнасцю ўсё жыццё.
Васіль Юр’евіч узгадаў дзяцінства, юнацтва, службу ў войску, шмат увагі ўдзяліў сваёй творчасці. Прысутныя задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннем аб прачытаных яго творах. Час прайшоў цікава, задавальненне атрымалі ўсе. Дамовіліся аб новых сустрэчах.
скачать dle 10.4фильмы бесплатно