герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Тематический указатель "Память нужна живым..."

Память нужна живым…

: тема Великой Отечественной войны в произведениях литераторов Гомельщины

Грачанікаў Анатоль Сямёнавіч

Нарадзіўся Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў 8 верасня 1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна ў сям'і служачага. Скончыўшы ў 1955 г. Шарпілаўскую СШ, вучыўся на механічным факультэце Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. Пасля працаваў два гады на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе. У 1962 г. перайшоў на працу ў Гомельскі прамысловы абком камсамола, дзе быў інструктарам, а пасля намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. У 1965—1967 гг. працаваў першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола. У 1969 г. закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве і два гады быў загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва». У 33 гады ён стаў намеснікам старшыні праўлення СП БССР. У 1976 г. працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка», пасля чатыры гады (1978—1982) рэдагаваў часопіс «Бярозка». Дзевяць апошніх гадоў свайго жыцця (1982—1991) Грачанікаў быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». 7 сакавіка 1991 г. паэт трагічна загінуў.

***********

Вялікае месца ў паэтычных зборніках 70—80-х гадоў А. Грачанікава займае тэма вайны. Яго ваенная паэзія пазбаўлена голай рыторыкі, дэкларацыі, яна крынічыць свежымі непрыдуманымі сюжэтамі. «Худыя, галодныя, рахітычныя, развучваем дзеянні арыфметычныя», — расказвае лірычны герой пра сябе і сваіх сяброў-равеснікаў у вершы «Урок арыфметыкі», вяртаючыся ва ўспамінах у сорак пяты год, калі ён, першакласнік, упрыхліпку плача на ўроку арыфметыкі, бо
Учора сказалі, што брат мой Міша
Недзе на фронце склаў галаву.

Кожнае з арыфметычных дзеянняў выклікае ў хлапчука свае думкі. Адыманне:
У кожнай хаце лютуе гора.
Гадамі ішоў адымання ўрок.
Раней у маці было нас чацвёра,
Цяпер я застаўся, адзіны сынок.

Множанне — множыцца гора людское, думкі пра бацьку, які можа не вярнуцца жывым: «Няўжо наша гора і ён нам памножыць...» Дзяленне — «Вернецца бацька — на трох падзелім, на трох падзелім гора-бяду...» А як эмацыянальна-шчыра гучыць у вершы гэта кароткае — «адзіны сынок», сказанае пра сябе словамі маці, ужытае як сведчанне непахісна вялікай ролі ў дзіцячым светабачанні ацэнак, думак старэйшых.

Сваім пафасам, поглядам на падзеі вайны вершы Грачанікава блізкія да ваенных вершаў Р. Барадуліна. З вершаў пра вайну вялікім гуманістычным пафасам адрозніваецца верш «Вячэра», у якім Грачанікаў малюе свой ідэал хрысціянскай любові да чалавека. Звычайная жанчына-маці, побач з якой у чаканні вячэры стаяць апухлыя ад голаду дзеці, ссыпае апошні харч з чыгунка палоннаму немцу, бачачы і ў чужынцы Чалавека. I дзеці ўслед за маці перамагаюць нядобрыя пачуцці да зайшоўшага госця. Каштоўнай якасцю гэтага і іншых ваенных вершаў Грачанікава з'яўляецца псіхалагізм. Яго лірычнаму герою не ўласціва тая бескампрамісна-саладжавая ўседаравальнасць, бязмежная дабрыня без ваганняў і ўнутранай барацьбы. Наадварот, паэт паказвае нялёгкую перамогу герояў над сабой. Маці з названага верша плача, частуючы немца, а хлапчук-апавядальнік вельмі шкадуе ежы, з дзіцячай помслівасцю ўспамінаючы зло, зробленае фашыстамі яго сям'і.

Побач з успамінамі пра трагічныя выпрабаванні дзяцей вайны ў паэзіі Грачанікава гучыць і матыў недаваральнасці, расплаты за здрадніцтва («Чорная навука», «Сцяна» і інш.). Здрадніцтва, гаворыць паэт сваімі творамі, вялікая трагедыя чалавека. Паліцай з верша «Сцяна» працягвае існаваць толькі фізічна, духоўна ж памёр ужо даўно.

Грачанікаў абагаціў літаратуру пра вайну сваім адметным бачаннем, эмацыянальным вопытам. Ён акцэнтаваў увагу не толькі на фізічнай скалечанасці сваіх герояў, але і на маральнай. У вершах пра вайну ўдзяляецца ўвага не столькі самім падзеям, колькім асабістым перажыванням суб'екта. «Энергія ўнутранага перажывання» (Т. Сільман) з'яўляецца ў іх больш магутнай, чым энергія знешняй падзейнасці. Амаль у кожным з іх чытач сустрэнецца з драмай, якая, пачаўшыся там, у ваенным былым, працягваецца і ў сучасным жыцці. Гэта драма ўбачыцца і ў лёсе абдзеленай шчасцем дзяўчыны Марусі, якую ніхто не праводзіць з вячорак, бо, як кажуць у вёсцы, яна нарадзіла сыночка ад немца («Маруся»), і ў лёсе аптымістычнага, бадзёрага дзядзькі Фімы, што ў час вайны рабіў з гадзіннікамі міны, страціў жонку і пяцёх дачок («Дзядзька Фіма»).

Значнае месца сярод твораў на ваенную тэматыку займаюць балады. Жанр балады, эпічны жанр, добра падыходзіць для паказу гераічных, трагічных ваенных падзей. Шырокую вядомасць атрымалі такія балады Грачанікава, як «Крывавая балада», «Неба і камень», «Снежная блакада», «Міннае поле». Лірычны герой «Крывавай балады», ранейшы хлапчук-донар, расказвае сыну жахлівую гісторыю пра сябе і сваіх аднагодкаў, якіх фашысты хапалі па адным, забіраючы столькі крыві, што нельга было выжыць:
Круціўся свет у чорных плямах.
Я на траву валіўся ніц...
Навотлеў біў у сэрца прама
Крывавы шпрыц.

Неверагодна трагічны змест апісанага ў баладзе падкрэсліваецца перапляценнем у яе мастацкай тканіне выразнага маналагічнага апавядання героя аб былой трагедыі, перадачы яго хваравітых трызненняў, абрыўкаў галасоў з мінулага і цяперашняга асэнсавання перажытага, з-пад улады якога яму цяжка вырвацца, як і герою В. Казько «Суд у Слабадзе».

Падзейнасць, аб'ектыўнасць апавядання ў баладзе імпануюць Грачанікаву, які імкнецца адлюстраваць паводзіны чалавека ў незвычайных абставінах, калі пытанне «быць альбо не быць» набывае асаблівую надзённасць, і герой павінен зрабіць выбар, адказаць на яго. Гераіня «чорнай балады» «Неба і камень» ламіж жыццём і смерцю выбірае смерць. Насуперак прапанове мужаздрадніка схавацца з дзецьмі (фашысты зганялі ўсіх людзей вёскі ў пуню і вятрак, каб пасля спаліць) яна вырашае згарэць разам з іншымі людзьмі. Робіць гэта Адарка ў імя ідэі справядлівасці.

Пры ўсёй аб'ектыўнасці «атмасферы апавядання» ў гэтым і ў іншых творах А. Грачанікава баладны сюжэт заўсёды крыху зрушваецца ў бок сюжэта лірычнага. Гэта заўвага адносіцца і да гераічнай балады (аўтарскае вызначэнне) «Міннае поле», у якой расказваецца аб трох партызанах-разведчыках, што соннымі трапілі ў рукі фашыстаў і вымушаны былі басанож па снезе цягнуць сані з чорнаю зграяй сытых карнікаў. Тыя ж весела рагаталі, хвошчучы партызан злева і справа. I хлопцы «раптоўна звярнулі на міннае поле», дзе знайшлі пагібель не толькі для сябе, але і для карнікаў.

// Анатоль Грачанікаў. — Рэжым доступу: http://belsoch.org/?pg=biograph&bio=61

© ГУ "Гомельская центральная библиотека им. А.И. Герцена"

скачать софт