Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч – беларускі празаік і публіцыст, член творчых аб'яднанняў «Беларускі саюз журналістаў» (1998) і «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (2000). Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі».
Нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сям’і.
Скончыў філалагічны факультэт, аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.
Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вятчынскай сярэдняй школы, дырэктарам Бялёўскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №2 г. Жыткавічы. З 1997 года ўзначаліў калектыў жыткавіцкай раённай газеты «Новае Палессе». У снежні 2005 года абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Лаўрэат многіх рэспубліканскіх і рэгіянальных літаратурных конкурсаў.
Аўтар 16 кніг прозы і публіцыстыкі: «Споднія яблыкі», «Забранае шчасце», «Глыбокія карані», «На варце – днём і ноччу», «На мяжы», «Плата за каханне», «Адкрый сваё сэрца», «Пах чаромхі», «Вяртанне», «Анёлак мой, Анёлак...», «Цяпло маладзіка», «Скажы, што кахаеш... », «Дзе над горадам лунаюць буслы», «Крокі па родная зямлі», «Запрашэнне. Eingeladen! Приглашение» і інш.
Друкуецца ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларуская думка» і іншых выданнях, а таксама ў перыядычным друку Расіі, Украіны. Асобныя творы перакладзены на рускую і ўкраінскую, нямецкую і англійскую мовы.
У. М. Гаўрыловіч – рэдактар-складальнік альманахаў «Літаратурная Гомельшчына», рэдактар многіх аўтарскіх прац і кніг. Уласны карэспандэнт газеты «Беларускі час» па Гомельскай вобласці. Ініцыятар правядзення ў Гомелі і вобласці міжнародных свят «Славянскія літаратурныя дажынкі». Рэдагаваў калектыўны зборнік аўтараў Жыткавіцкага краю «Натхненне» (Мазыр, КПУП «Калор», 2004), пісьменнікаў Гомельшчыны «Натхненне. Вдохновение» (Мазыр, КПУП «Калор», 2007), укладальнік, рэдактар пяці альманахаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» «Літаратурная Гомельшчына», рэдактар многіх аўтарскіх прац і кніг.
Узнагароджаны трыма дзяржаўнымі медалямі (за педагагічную, грамадскую і творчую дзейнасць), граматамі Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама рэспубліканскіх і абласных структур адукацыі і культуры.
18 снежня 2014 года кіраўніцтвам беларускай дзяржавы Мікалай Гаўрыловіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.