герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Нарыс аб творчасці. БОЛСУН Міхаіл Михайлавіч

На Гомельшчыне няшмат знойдзецца паэтаў, чыя творчасць у пераважнай большасці – усхваленне родных мясцін, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва аўтара. Родныя мясціны сняцца начамі, клічуць нас у сталым узросце. Там "раўчукі мыюць воблакі рупна", там "месяц блісне, бы турэцкі нож", там "клён пад душ нябесны чуб падставіў", там "адшумела восень, адгуляла ўволю дзеўкай-перастаркай жухлая брыдзе".

Я – РАДЗІМІЧ,

Адкуль жа я? 3 сівых стагоддзяў,
Радзім – мой продак, сын Зямлі.
Аб ім паданні сёння ходзяць,
Як у Пасожжы род сяліў.

Таму радзімічам завуся,
I мой выток, мая радня
Па ўсёй Усходняй Беларусі,
Аб гэтым помню я штодня.

Расце, буяе дрэва роду,
Карэнні сок нясуць галлю.
Калі ж зняможуцца праз годы
Кладзем паважліва ў зямлю.

А вецце з новай, прагнай сілай
Да сонца цягне зноў лісцё...
Нас беды розныя касілі,
Ды ўсё ж за іх мацней жыццё!

Самы першы верш Міхася Болсуна «Я жыхар калгаснае вёскі» быў надрукаваны ў газеце «Шлях перамогі» ў 1959 годзе. Паэтычныя радкі прасякнуты любоўю да родных мясцін, у іх столькі сілы і свежасці пачуццяў, што адразу зразумела: у пісьменніка маладая душа.

ЗЕМЛЯКАМ

Добры дзень, землякі!
Поціск вашай рукі
Мне на сэрца
Любоўю кладзецца.
Зноў стаю ля ракі,
Шэпчуць штось лазнякі,
Дзікі хмель на алешыне ўецца.

Смолкі клейкі лісток,
Сіні-сіні званок –
Ловіць позірк
Знаёмыя краскі.
Льецца песня жанок –
Спеваў лепшы ўрок,
Нібы матчына слова і ласка.

Шмат я зведаў дарог,
Ды вясковы парог
Кліча, цягне нібыта магнітам,
Бо забыць я не змог
Хату, рэчку і лог,
Сцежку росную
У Палам праз жыта.

Добры дзень, землякі!
Поціск вашай рукі
Шчырым словам
Маім адгукнецца.
Дзе шчэ стрэнеш такі
Вачэй цёплы блакіт,
Крылы думак і шчырае сэрца?!

Жыццёвы шлях паэта пачынаецца задоўга да яго нараджэння. Яго вытокі – у гісторыі славутага горада Чачэрска, у каранях рода, у клопаце бабулі і дзядулі, у руплівай працы землякоў. Яны ўзгадавалі неабыякавую да любых праяў жыцця душу паэта, журналіста, рэдактара.

Роднай Чачэршчыне, прыгажосці яе прыроды Міхаіл Болсун прысвяціў шмат вершаў.

ЖЫВУ РАДЗІМАЙ

Папракаюць мяне:
“Зноў твой верш пра Чачэрск,
Бы балота кулік
Хваліш ціхі свой кут” ...
Я ж інакш не магу:
Сож праз сэрца цячэ,
Нібы брату, я рад
3 тых мясцін земляку.

Там лазняк над ракой
Салаўямі пяе.
Беланогіх бяроз
Сарамлівы пагляд, –
Мне для шчасця ў жыцці
Часта іх не стае,
Як і цвету, якім
Май адорвае сад.

А як песні жанчын
Там палоняцьдушу,
Жаўруковым званком
Па-над краем плывуць!..

...Я адпрэчыў папрок,
Пра Чачэрск зноў пішу,
Бо радзімай малой
Бы паветрам жыву.

Чачэрская зямля славіцца не толькі маляўнічымі краявідамі, але і знакамітымі жыхарамі, аб якіх Міхась Болсун напісаў у кнізе «Чечерский след в науке». Гэта зборнік нарысаў аб вучоных, жыццё якіх так ці інакш звязана з гэтым раёнам. Сам Міхась Болсун з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Чачэрскага раёну.

Міхаіл Міхайлавіч працаваў на радыё каля 20 гадоў, перыядычна выходзячы ў прамы эфір на ўвесь Савецкі Саюз, дзе асвятляў розныя надзённыя тэмы, адной з якіх стала трагедыя Чарнобыля, якой Міхась Болсун прысвяціў аўтарскую перадачу «Званы Чарнобыля» і вершы.

Чорным болем Чарнобыль
Уварваўся ў наш лёс,
Неспакою мікробы
Нам у сэрцы занёс.

I пытанні кручкамі
Колькі год тут вісяць:
А што будзе тут з намі,
Будуць мо высяляць?

У лес не пойдзеш –
Там цэзій.
Дровы нельга паліць.
I кароў усё меней
Сёння гоняць даіць.

Усё турботы, турботы –
Ад сяла да сяла.
Колькі лішняй работы
Нам нядбайнасць дала?!

Шмат вершаў Міхась Болсун прысвяціў маці і яе долі, яе самаадданасці і бясконцым клопаце. Матчына любоў не знікае ў часе, яе сэрца не звяртае ўвагі на ўзрост дзіцяці.

Вершы, прысвечаныя бабулі, маці, жонцы – гэта своеасаблівы помнік любові, павагі і ўдзячнасці за шчырасць, пяшчоту, вернасць і самаахвяраванне. Жанчына для паэта – гэта ўвасабленне прыгажосці, дабрыні, спагады. Хто здолее зразумець яе, разгадаць таямніцу, той спазнае сапраўднае шчасце.

Непрыгожых жанчын не бывае,
Непрыгожы бывае іх лёс,
Калі квецень душэўная мая
Арашаецца горыччу слёз.
У чарзе магазіннай, на полі
Цябе стрэне жанчыны пагляд.
Раздзялі з ёй усмешку і долю,
Расквітнееш і сам, нібы сад.
Хмель кахання адразу закружыць,
Праляцяць у пачуццях гады,
І жанчына – цудоўная ружа –
Адвядзе ад цябе знак бяды.

Не меньш за родную прыроду паэт шануе родную мову.

Добрае слова на роднай мове загойвае раны. У ім – мудрасць стагоддзяў і незгінальнасць народу, шум лесу і калыханка, праспяваная матчыным голасам.

ЗАЛАЦІНКІ СЛОЎ

За спіной нямала кіламетраў,
Ды не сніцца ціша астраўка.
Не шукаю золата я ў нетрах,
Залацінкі слоў люблю шукаць.

Сум на сэрцы гояць тыя слоўцы
Мудрасцю, напеўнасцю сваёй.
Слухаў бы, здаецца, іх бясконца,
Як вясною пошчак салаўёў.

Параўнаю іх з бруёю чыстай
I званком над полем жаўрука,
Пошумам бароў густых, вячыстых
Вольнай плынню, што нясе рака.

Моў у свеце чуецца багата,
Толькі лепей матчынай няма.
Я на ёй гасцей вітаю ў свята,
I прыпеўкі раздае кума.

Без карэння лес загіне хілым,
Не квітнець на поплаве траве.
Мова – хлеб душы і думак крылы!
Кпіны недарэк перажыве.

скачать софт