герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Буклет, посвященный творчеству поэтессы. АТРОЩЕНКО Анна Николаевна

Днямi ў лiтаратурна-мастацкiм салоне “Сустрэчы на Замкавай”, што iснуе пры Гомельскай цэнтральнай гарадской бiблiятэцы iмя А. Герцэна, адбыўся юбiлейны вечар сябра Саюза журналiстаў РБ, паэткi Ганны Атрошчанка.

Ганне Мiкалаеўне шукаць Радзiму не трэба. Як не трэба шукаць лес – дрэву, што расце ўскрай паляны. Ганна, нiбы тое дрэва, ўсiмi сваiмi каранямi трымаецца за родную Гомельшчыну.

-Усё лепшае ў мяне ад матулi, - прызнаецца яна. А матуля з вёсачкi Перарост Добрушскага раёна. Замуж выйшла ў суседнюю, Чырвоны Рог, дзе i нарадзiлася яе Гануля. А вёсачку гэту не абмiнуў Чарнобыль. I матулю Ганны не абмiнуў. Забраў з сабою… Засталася Таццянiна дачушка адна, як вярбiна ля плоту.

Але не сагнулася пад ударамi лёсу. Больш таго – атулiла дабрынёю i ласкаю другiх. Адарыла сваiмi вершамi. А яны, нiбы срэбнымi званочкамi, перасыпаны ласкавымi слоўцамi: зямелька, шчасцейка, вяночак, туманочак, лецейка … Яны, як i характар Ганны спагадлiвыя, пранiзлiвыя, пяшчотныя:

Мой родны лес сваiм раздоллем
Мяне пяшчотна атулiў.
I я пачула, як у голлi
Гудуць вясёлыя чмялi…

Пачула i падзялiлася сваёй радасцю з намi:

А я, знявераная, - веру,
Што свет напоўнен дабрынёй,
Я адчыню шырока дзверы,
Каб прадказаць сустрэчу з ёй.

Дабрыня гэтай сцiплай жанчыны дапамагла многiм адолець свае хваробы, справiцца з бядою. Бо заўсёды ў цяжкую хвiлiну Ганна Атрошчанка наведвала людзiну, усцешвала словамi, частавала зёлкамi, чытала вершы.

Цвiтуць сады каторы раз?
Сусвет i людзi зноў з’яднаны.
Пялёсткi кружаць вальс для нас,-
Загояць боль i нашы раны…

А падзялiцца з людзьмi Ганне Мiкалаеўне ёсць чым. Жыццёвага вопыту ў яе хапае. Яна скончыла прафесiйна-тэхнiчнае вуылiшча, а пасля - будаўнiчы тэхнiкум. Шчыравала на камсамольскай будоўлi ў Тальяцi. Але вельмi сумавала па мацi, па роднай старонцы.

Сёння еду на радзiму,
У родны куточак.
Там журботу сваю кiну
Прама ў ручаёчак.
Пасмяюся над сабою,
Крышачку паплачу.
Зноўку стрэнуся з раднёю
I знайду удачу…

Матуля Ганны складала прыпеўкi, цудоўна грала на мандалiне, мела залатыя рукi. Яе тонкая ранiмая душа не прымала фальшы. Ганна, як i мацi, цэнiць чысцiню i дабрыню чалавечых адносiн.

Трымайце ў чысцiнi сумленне,
Бо раз на свеце мы жывём,
Каб не кiдалi ўслед каменнi,
Каб не клялi радню i дом.

Вярнуўшыся на Гомельшчыну, Ганна Атрошчанка пайшла ў вячэрнi унiверсiтэт пры газеце «Гомельская праўда», дзе вучылiся пазаштатныя аўтары. Па прызнанню самой Ганны, яна шмат чаго спасцiгла, дзякуючы вопытным журналiстам: Мiколу Гiлевiчу, Алене Лагуновiч, Уладзiмiру Пернiкаву ды iнш. Таму за гонар лiчыць надрукавацца i распавядаць на старонках газет i часопiсаў пра сваiх сяброў: Таiсу Мельчанку, Эму Усцiновiч, Лiдзiю Возiсаву – усiх не пералiчыш.

Галоўная радасць для яе як творцы – выданне з дапамогай фундатараў зборнiкаў вершаў «Родныя мясцiны», «Споведзь душы», «Асеннiя мары», кнiжачак прозы «Жытнёвыя каласы», «Сустрэча», «Жыццёвая гiсторыя»…

Не дзiўна, што аўтару хацелася ў мастацкiх вобразах занатаваць тое, што ўбачыла, перажыла, адчула, - пiша наш знакамiты пiсьменнiк Мiхась Данiленка ў сваёй рэцэнзii «Прыемная «Сустрэча».

Ганна Атрошчанка трапна ўжывае ў сваiх творах прымаўкi, прыказкi, вострыя слоўцы: «не памогуць i чары, калi не да пары», «не чакай падзякi ад прыблуднай сабакi».

Карацей, з добрымi творчымi набыткамi прыйшла Ганна Мiкалаеўна да свайго юбiлею. Дык якую ж па лiку жыццёвую вясну сустракае паэтка? Не будзем удакладняць. Як нехта мудра зазначыў: жанчыне столькi год, на колькi яна выглядае. А выглядае Ганна Атрошчанка па-юнацку пластычнай, жвавай, усмешлiвай. Шчырая любоў да роднай зямлi, да яе людзей надае сiлы.

Хай жа не перасыхае крынiца твайго натхнення, Ганна! Мацней трымайся ўсiмi каранямi за зямельку родную! Хай цябе разумеюць людзi i аберагае Бог!

Нiна Шклярава,
сябра Саюза пiсьменнiкаў РБ

скачать софт