герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

29 кастрычніка ў Музеі аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна адбылося адкрыццё планшэтнай выставы “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…” з фондаў установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”.

3 лістапада 2024 года спаўняецца 142 гады з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Для большасці з нас Якуб Колас – вядомы пісьменнік і паэт, таленавіты вучоны і выдатны педагог. Але Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч праявіў сябе і як грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Гэты бок яго дзейнасці раскрывае выстава “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”.

Студэнтаў-філолагаў чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пазнаёмілі з фотаматэрыяламі і дакументамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, звязанымі з дзейнасцю Якуба Коласа як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР.

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”


Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР прайшлі выбары ў вышэйшы орган дзяржаўнай улады ад заходніх абласцей. 24 сакавіка 1940 года газета «Звязда» паведаміла, што народны паэт Беларусі Якуб Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Свержанскай выбарчай акругі – сваёй малой радзімы. Якуб Колас адразу ўключыўся ў працу. На наступны дзень ён ужо прымаў ўдзел у рабоце Чацвёртай сесіі Вярхоўнага Савета БССР першага склікання.

«Служыць народу – вялікае шчасце, у гэтым сэнс маёй дэпутацкай і паэтычнай дзейнасці», – пісаў Якуб Колас.

Якуба Коласа хвалявалі многія праблемы. Як паэт і пісьменнік ён заўсёды адклікаўся на праблемы простага чалавека; у вершах, паэмах, аповесцях і апавяданнях, публіцыстыцы паказваў жыццё чалавека ва ўсёй яго складанасці і супярэчнасці. Як дэпутат дзейсна вырашаў многія пытанні, якія не давалі супакою яго чуламу сэрцу.

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”


Дапоўніла планшэтную выставу кніжная выстава “Рэтраспектыва выдання твораў Якуба Коласа”, на якой былі прадстаўлены кнігі ад рэдкіх выданняў да сучасных кніг беларускіх выдавецтваў.

Наведвальнікаў пазнаёмілі са шматлікімі рэдкімі выданнямі з фонду Музея аўтографа, напрыклад, з паэмай “Новая зямля” Якуба Коласа – выданнем Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, надрукаванай ў Гомелі ў 1934 годзе ў адзінай на той час друкарні.

Студэнты таксама даведаліся, што ў Музеі аўтографа ёсць аўтограф брата Якуба Коласа Юзіка Міцкевіча (Шаляніцы), які ён пакінуў на добры ўспамін на сустрэчы з чытачамі ў 1968 годзе.

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”


Выстава “Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…” была падрыхтавана Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа да 140-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. У верасні 2022 года яна была прадстаўлена на адкрыцці дзевятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Затым экспанавалася ў розных гарадах Беларусі. Цяпер пазнаёміцца з ёй ёсць магчымасць і ў гамяльчан.

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

“Якуб Колас. Маё XX стагоддзе…”

Выстава “Якуб Колас. Маё ХХ стагоддзе…” будзе дзейнічаць па 28 лістапада 2024 года. Уваход вольны.


Тэкст: бібліятэкар аддзелу маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна Іняхіна В. А.скачать dle 10.4фильмы бесплатно
Дата: 29.10.2024
Опубликовано: Nika


Нашли ошибку? Выделите ее, нажмите ctrl+Enter, и мы все исправим.