Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць, На ручнік палажыўшы ўрачыста. Хлеб – як сонца ў руках, бохан хлебам прапах, А ручнік, як іх сэрца – прачысты.
Л.Геніюш
«Хлеб – усяму галава» – прыказка, вядомая кожнаму з дзяцінства. Сапраўды, хлеб мае вельмі вялікае значэнне ў жыцці людзей. Чалавек навучыўся рабіць хлеб яшчэ ў каменным веку. Спачатку гэта была каша з травы. Аднойчы, яна пералілася і запяклася на камені ў выглядзе аладкі, чалавеку спадабаўся гэты густ. Па гэты дзень хлеб – базавы прадукт харчавання ва ўсім свеце. Да хлеба здаўна ставіліся з павагай, шанавалі і ахоўвалі. А чаму хлеб так шанавалі? Таму што вырошчвалі яго самі. А выраціць хлеб – цяжкая праца. Не было яшчэ у нашых продкаў крам з хлебам ды булкамі. Яны што вырасцілі – тое і елі. Таму катэгарычна забараняліся любыя гульні з хлебам, а калі яго кавалак падаў, напрыклад, на падлогу, то яго трэба было хуценька падняць, пацалаваць, папрасіць прабачэння і з’есці. Зараз хлеб вырабляецца на хлебазаводах. Мы ж адправіліся ў мінулае, каб даведацца, як рыхтавалі хлеб нашыя продкі і што для гэтага выкарыстоўвалі. Запрашаем паглядзець відэа-прыказку, у якой з таямніцамі вырабу хлеба і музейнымі прадметамі вас пазнаёмяць бабуля Яніна і дзед Цімошык. Прыемнага прагляду.