Ці ведаеце вы, што такое выцінанка? Магчыма не, але кожны з нас пад Новы год выразаў сняжынкі, нават не здагадваючыся, што насамрэч гэтыя папяровыя выразанкі і есць сапраўднае мастацтва выцінанкі.
Выцінанка мае даўнюю гісторыю, звязаную з вынаходніцтвам паперы ў старажытным Кітаі. Напачатку папера каштавала вельмі дорага, і ее маглі сабе дазволіць толькі прыдворныя, якія выразалі ажурныя ўпрыгожванні для дамскіх прычосак у выглядзе кветак і матылькоў. Пасля таго, як папера стала больш таннай, мастацтва выразання займела папулярнасць і ў народзе. Людзі пачалі аздабляць сваё жытло папяровымі карункамі, якія ў Кітаі атрымалі назву «цзяньчжі».
Паступова мастацтва выразання з паперы распаўсюджвалася на іншыя краіны, такія як Японія, Карэя, Інданэзія. У XV ст. праз Турцыю ажурныя ўзоры трапляюць і на еўрапейскі кантынент, спачатку ў Італію і Заходнюю Еўропу. А ў XIX стагоддзі – у Беларусь. Нашыя продкі вельмі ахвотна аздаблялі папяровымі карункамі жытло: сцены, вокны, паліцы для посуду і абразоў. Звычайна перад святамі, калі мылі хату, старыя выцінанкі цалкам замяняліся на новыя. Захоўваць іх не мела сэнсу з-за нетрывалага матэрыяла.
Тэрмін «выцінанка» (ад слова «выцінаць» – ажурна выразаць) пераважаў на захадзе Беларусі. На ўсходніх, цэнтральных і паўднёвых тэрыторыях выкарыстоўвалі назвы «выразанкі», «выразкі», а таксама «выстрыганка». Існавалі розныя віды выцінанак. Так, круглыя выцінанкі, якімі аздаблялі сцены, называліся «кветкі», папяровыя ўзоры на вокнах – «фіранкі», а трохвугольныя сурвэткі на палічкі – «вугольнікі». Акрамя паперы для вырабу выцінанак выкарыстоўвалі таксама белую тканіну.
Выцінанкі майстрыхі Наталлі Сухой у інтэр`еры
Паступова выцінанка выцяснілася з вясковага інтэр`ера тэкстыльнымі вырабамі. У наш час выцінанкай аздабляюць сваё жытло толькі падчас Новага году і Каляд, упрыгожваючы вокны папяровымі сняжынкамі. Такім чынам, старадаўняя і прыгожая традыцыя жыве.
Прапануем і вам паспрабаваць зрабіць выцінанку. Падрыхтуйце ліст белай і каляровай паперы, нажніцы і клей. Раздрукуйце на каляровым лісте паперы шаблон «Рукавічка». А далей глядзіце наш майстар-класс. Выцінанку не абавязкова прыклейваць на белы ліст. Можна упрыгожыць свае акенца.
* Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўваліся кнігі Яўгена Сахуты «Беларуская выцінанка», Вольгі Бабурынай і Наталлі Сухой «Мая выцінанка». У відэа выкарыставана музыка «Зімачка» гурта «Троіца».
Майстар-класс падрыхтавала біліятэкар I катэгорыі Наталля Верамейчык