Популярные новости
|
Го-го-го, Каза!
Майстэрня калядных масак Ішлі-пашлі калядоўшчыкі, Калядуючы, гуляючы… Мы госці нечастыя. Калядныя, угодныя… А мы госці нячастыя, У гадочку – адну ночку… (з калядных спеваў) У абрадавых тэкстах калядоўшчыкаў называюць “гасцямі з далёкага краю, з-пад самага Раю”, “ад Бога прысланымі”. Яны ўвасабляюць гасцей з таго свету, якія ў Крывыя (Святыя) вечары вандруюць па зямлі, нясуць людзям ад Бога долю і яе размяркоўваюць. Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно звязана з будовай і рухам сусвету. Каляды – гэта не адзін дзень і не адно свята. Калядныя, або Святыя ці Крывыя вечары, пачыналіся перад Раством (6 студзеня) і працягваліся аж да Вадохрышча (19 студзеня). Першы дзень калядаў лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. На Каляды "нараджалася новае сонца", час "паварочваўся на вясну". У час зімовага сонцастаяння адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута чароўным і небяспечным духам таямніцы. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята і да сённяшняга дня заўжды застаецца радасным, велічным і аптымістычным. “Калядаванне” – адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае. Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. А якія ж калядоўшчыкі без масак? Маска – істотны элемент рытуальнага пераапрананьня. Рабілі Казу, Мядзведзя, Жорава, Кабылу, Цыганоў, на Гомельшчыне сустракаюцца Верабей і нават Жаба. Гэта якраз зварот да тых язычніцкіх часоў, калі татэмныя сімвалы былі вельмі важныя. На Шчодры пра калядныя дзеянні гаварылі: «Казу вадзіць». Бо жывёльныя міфалагічныя персанажы сярод калядоўшчыкаў, перш за ўсё, прадстаўлены казой. Каза сімвалізуе ўрадлівасць, плоднасць, дабрабыт, прыбытак, багацце. Яна сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды, адпавядае вобразу боства, якое нараджаецца і памірае. Прапануем падрыхтавацца да Шчодрыкаў ды зрабіць маску Казы. Вам патрэбіцца: - аркуш звычайнай паперы памеру А4 - аркуш плотнага белага кардону - аркуш чорнай каляровай паперы - клей-аловак ці звычайны ПВА - двухбаковы скотч - нажніцы - маркер або аловак - джутавая вяровачка - вата або сінтэпон - стэплер і дыракол - гумка ці вяровачка Вы можаце упрыгожваць маску на свой густ, выкарыстоўваючы тыя матэрыялы, якія маеце. Дайце палет сваёй фантазіі. 1-6 падрыхтуйце загатоўкі са звычайнай паперы (твар, вушкі і рогі) 7-9 перамалюйце гэтыя шаблоны на белы кардон ці плотную паперу і выражце. 10-14 рогі ды вушкі абклейце з аднаго боку кавалачкамі чорнай паперы. 15-19 вымерайце і выражце дзірачкі для вачэй. 20-23 прыклейце на твар маскі ватную поўсць. 24-25 упрыгожце рогі з дапамогай джутавай вяроўкі. 26-29 прымацуйце з дапамогай стэплера рогі ды вушкі да твара маскі. 30-32 зрабіце надрэзы ды замацуйце іх з дапамогай клея, каб маска стала аб’емнай. Гатова! Засталося толькі зрабіць дыраколам дзве дырачкі па баках маскі ды прымацаваць гумку. Засталося толькі вывучыць калядныя прыпеўкі ды зычэнні. Скачвайце нашы закладкі з прыпеўкамі ды накалядуйце вялікі мех шчасця! А калі ў вас яшчэ няма каляднай зоркі, прапануем цудоўны майстар-класс ад майстрыцы выцінанкі Стасі Кузьміч, які можна паглядзець на канале ЭтнаТрадыцыі
дата: 12.01.2021
автор: Veronika Нашли ошибку? Выделите ее, нажмите ctrl+Enter и мы все исправим.
|