Пісьменнікі адным клікам

Лідзія Пятроўна Возісава

Лідзія Пятроўна Возісава – паэт, празаік, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар некалькіх персанальных кніг, удзельніца шматлікіх калектыўных зборнікаў. Неаднаразовы пераможца, лаўрэат і фіналіст прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Лідзія Пятроўна нарадзілася ў 1949 годзе ў в. Лебедзеўка (да 1994 в. Зэфельд) Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Атрымала спецыяльнасці хіміка-біёлага і псіхолага ў дзяржуніверсітэтах г. Іжэўска і г. Гомеля. Доўгі час жыла ў Удмурціі, там выйшла замуж, нарадзіла траіх дзетак, працавала адказным сакратаром газеты «Прикамская правда». Акрамя адзначанага псеўданіма ЛідзіАна, друкавалася пад імёнамі Вера Бархатава, Л. Плешкунова, Л. Кралевіч.

Першую кнігу, якая выйшла ў 2003 годзе, Лідзія Возісава прысвяціла беларускаму паэту Анатолю Грачанікаву. Аўтарка згадвае, што ў далёкай Удмурціі да яе ног прыбіла пажоўклую старонку “Литературной газеты” з перакладамі верша слыннага паэта. І менавіта радкі “Народа моего живое сердце, о Беларусь, во мне струишь ты кровь…” перавярнулі яе долю.

У 2007 годзе Лідзія Возісава стала лаўрэатам Першага літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага. Адзначана Архіерэйскай граматай Беларускай праваслаўнай царквы.



Паэзія ЛідзіАны імкнецца да глыбокага асэнсавання жыццёвых праблем. Многія вершы ўяўляюць сабой філасофскія прытчы; казкі напоўнены таямніцамі быцця. На шляху спасціжэння ісціны паэтка няўхільна ідзе дарогай дабра і кахання.