“Эх, дзяцінства, дзяцінства! Вярнуць бы цябе хоць на дзянёчак! Апрануць бы тыя лахманы, з’есці праснак з мёрзлай калгаснай бульбы, пакатацца б на крыгах у ледаход. Не вернеш.”
Нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна (1955-1963). Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна (1963-1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы, г. п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце на касмадроме Байканур. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі.
З 1980 года жыў і працаваў у Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі “Сельмашавец”, стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты “Гомельская праўда”, у 1989-2005 гг. узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у рабоце ІХ з’езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992). Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006). З 1989 г. – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. З 2006 года – член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Аўтар 25 кніг прозы, публіцыстыкі і драматургіі. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры за кнігу “Снукер” (2011), лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей (2012) і расійскай імя Баяна за ўмацаванне літаратурных сувязяў (2000). Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага за кнігу п’ес “Последний” (2013) і кнігу публіцыстыкі “Сцежкі-дарожкі” (2018). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі за кнігу п’ес “Характары” (2017). Шырока вядомы як драматург. Спектаклі па п’есах Васіля Ткачова запатрабаваны ў тэатрах нашай краіны, а таксама ў Расіі, Казахстане, Эстоніі, Таджыкістане.
У тэатрах, на тэлебачанні і радыё ажыццёўлены пастаноўкі п’ес: “Вокны”, “Сівы бусел”, “Курорт для зяця”, “Стары і дарога”, “Ігнатаў рубеж”, “Добрае стаўленне да сабакі”, “Лесвіца”, “Прыгоды з Канапухіным”, “Следчы эксперымент”, “Шкірдзюкі займаюць абарону”, “Перапалох” і іншыя.
Пераможца закрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшую п’есу (“Стары і дарога”) і іншых творчых конкурсаў. Творы таленавітага пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, гугаузскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы. Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў. В. Ю. Ткачоў быў членам рэдкалегіі часопіса “Вожык”. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2012). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Адзначаны прэміяй Рагачоўскага райвыканкама “Залаты Рог” (2014). Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна (2016).
Пайшоў з жыцця 13 лютага 2022 года. Да апошняга дня творы, артыкулы, інтэрв’ю В. Ю. Ткачова з’яўляліся ў перыядычным друку Беларусі. Ён шчыра адгукаўся на прапановы савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб удзеле ў творчых літаратурных акцыях і мерапрыемствах па папулярызацыі літаратуры і чытання. Таленавіты творца часта выступаў перад школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, вайскоўцамі, актыўна ўдзельнічаў у майстар-класах па выніках Форума маладых літаратараў Гомельшчыны. За актыўную творчую і грамадскую працу В. Ю. Ткачоў 5 сакавіка 2020 года ўзнагароджаны медалём Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.
Крыніца інфармацыі