“Я не імкнуся пісаць мадэрнова – трэба мець асаблівы талент, каб быць эксперыментатарам. Жыццё настолькі цікавае, што яго можна апісваць такім, якім яно ёсць, простымі словамі”
Нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт, аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1991).
Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вятчынскай сярэдняй школы, дырэктарам Бялёўскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна, намеснікам дырэктара па вучэбна–выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 г. Жыткавічы, галоўным рэдактарам раённай газеты «Новае Палессе» (Жыткавічы), гарадской – «Гомельскія ведамасці» (Гомель), уласным карэспандэнтам газеты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Беларускі час» па Гомельскай вобласці.
У снежні 2005 года абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», з’яўляецца сакратаром Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва па Рэспубліцы Беларусь, членам Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы.
Узнагароджаны трыма дзяржаўнымі медалямі (за педагагічную, грамадскую і творчую дзейнасць), граматамі Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама рэспубліканскіх і абласных структур адукацыі і культуры. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
18 снежня 2014 года кіраўніцтвам беларускай дзяржавы ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У 2021 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2021 г. № 417 Уладзіміру Мікалаевічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».
У 2019 годзе узнагароджаны залатым медалём «Васіль Шукшын: пісьменнік, акцёр, рэжысёр» Саюза пісьменнікаў Расіі і часопіса «Бійскі веснік» (Алтай); з’яўляецца таксама лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы твор 2007 года ў галіне прозы» за кнігу «Плата за каханне», літаратурных прэмій памяці Мікалая Мельнікава (Расія, 2009), Міжнароднай літаратурнай прэміі Баяна (Расія, 2011), літаратурных прэмій Т. Шаўчэнкі, імя У. І. Нарбута і іншых прэстыжных літаратурных узнагарод.
Аўтар кніг прозы і публіцыстыкі: «Споднія яблыкі», «Забранае шчасце», «Глыбокія карані», «На варце – днём і ноччу», «На мяжы», «Плата за каханне», «Адкрый сваё сэрца», «Пах чаромхі», «Дзе над горадам лунаюць буслы», «Крокі па родная зямлі», «Запрашэнне. Eingeladen! Приглашение» і інш.
У. М. Гаўрыловіч – арганізатар літаратурных фестываляў «На зямлі Кірылы Тураўскага» і «Славянскія літаратурныя дажынкі»; рэдактар калектыўных зборнікаў, альманаха Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» «Літаратурная Гомельшчына», многіх аўтарскіх прац і кніг; галоўны рэдактар і аўтар праекта «Літара = Литера = Літера = Littera». Друкуецца ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларуская думка» і іншых выданнях. Асобныя творы перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую і англійскую мовы.