герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Гомель в сердце моём : Эссе

Гомель в сердце моём!

Гомель в кадреVideoВзгляд

Восень у Вялікім Гомельскім парку

Автор: Кузьмич Светлана Александровна, 63 года

831
Филиал №12
 

Сляды гарачыні
Яшчэ на тварах носім,
Ды паплылі ўжо дні
У залатую восень. ( П. Панчанка)

Так сталася, што самы лепшы і старажытны парк нашага горада ў маёй сям’і завецца Вялікім. Ён чароўны і непаўторны ў любую пару года, таму гэта любімае месца адпачынку. Але для мяне, чалавека сталага і разважлівага, менавіта восеньскімі днямі гэта мясціна напаўняецца сакральным сэнсам, асабліва ў залатыя дні бабінага лета.

У каторы раз, спрабуючы спасцігнуць восеньскую таямнічасць, іду па знаёмых дарожках парку скрозь лісцвяную мяцеліцу. Здзіўленым позіркам сачу за белым матыльком. Адкуль ён узяўся - гэты летуценны напамін гарачага лета? Лёгкім парасончыкам матылёк павольна зносіцца ветрыкам на жоўта-барвовую коўдру – апошні прытулак утульнасці і цяпла. Раптам у яркай жаўцізне асенняга лісця бачу маленькую сталёвую канструкцыю. Дык гэта ж фантанчыкі! Летнімі спякотнымі днямі яны знянацку час ад часу гарэзліва пырскалі ўпартымі струменьчыкамі вады, выклікаючы захапленне ў наведвальнікаў парку. Першыя хвіліны гэтай воднай феерыі дораць пачуццё імгненнага шчасця. З асалодаю прыгадваю вясёлую маленькую пацеху на вялікую радасць дзецям і дарослым. Захацелася зноў пачуць бесклапотны дзіцячы смех. Праз драўляны мосцік накіроўваюся да пляцоўкі з атракцыёнамі. Памяркоўная Восень унесла свае карэктывы ў іх працу. Некаторыя ўжо рыхтуюцца да заслужанага зімовага адпачынку. Іншыя ўпарта працуюць, нібы баяцца застацца без дзіцячага смеху і радасці. Падыходжу да каруселі з конікамі, любімай з маленства. Чым не самы яскравы прыклад кругазвароту жыцця? У залатой восеньскай замяці так добра прыгадваецца далёкае шчаслівае дзяцінства. Яно вярэдзіць душу нясцерпнай шчымлівасцю. Прайшлі гады, а яны ўсё тыя ж самыя, мае любыя конікі. Толькі больш яркія, нібы памаладзеўшыя. Вось і добра, што час не пакінуў адбітку на іх. Ім трэба заставацца заўсёды моцнымі і прыгожымі, каб упэнена несці ў будучыню новыя пакаленні. Шчаслівага шляху!

Надыхаўшыся нястрыманым водарам ляжалага лісця, супакоіўшы душу прыемнымі ўспамінамі, з рознакаляровым воблачкам восеньскага букету накіроўваюся дадому. Паслужлівы ветрык старанна мяце дарожкі і засцілае зямлю стракатым жоўта-барвовым кілімам. У той жа час паспявае рабіць мне модныя прычоскі, якія не пад сілу майстрам-цырульнікам. Падыходжу да Кіеўскага спуску. Азяблы ветрагон зрывае з плеч лёгкі шалік – маўляў, дагані! Мілы гарэза, маючы нялёгкую ношку гадоў за плячыма, з горкі хутка не пабяжыш! А вось прайсціся спакойна па наберажнай будзе карысна.

Сяброўка Восень не пакідае нас. Яе велічная прысутнасць адчуваецца ва ўсёй навакольнай бязмежнасці. І толькі ўсхваляваныя галасы пералётных птушак парушаюць яе задуменную спакойнасць. Лёгкай, бяспечнай дарогі і моцнага крыла, дарагія птахі!

Павольна ідзем па беразе магутнага Сожа. Падыходзім бліжэй да вады. Зачаравана гляджу на яе набрынялую моц. Нават адмысловыя карункі кляновага лісця, закалыхваемыя апантанымі хвалямі, не згладжваюць яе нястрыманую сілу. Мінаем ланцужок заўзятых рыбакоў і падыходзім да майго старога знаёмага Дэбаркадара. Колькі разоў у маладосці ён садзіў мяне на імклівую “Ракету” і праводзіў да сяброўкі ў Клёнкі! Разважаю, як лёгка запомніла малое дзіця такое складанае слова “ дэ-бар-ка-дар”. Магчыма таму, што такімі незвычайнымі гукамі адклікаюцца ў яго сталёвых грудзях яшчэ няўпэненыя крокі малечы. Так-так, мой дарагі дружа, ужо і мая ўнучка ведае цябе. А ты ўсё стаіш тут, сустракаеш і праводзіш, праводзіш і сустракаеш. А ўвосень і зусім рэдка прыходзяць да цябе пасажыры. Усё менш чуваць іх галасы. Толькі чорныя хвалі нахабна б’юць цябе ў грудзі, злосна кажучы, каб не замінаў ім дарогу да берагу. Разумею, як цяжка табе жыць на вадзе і быць у той жа час заўсёды прыкутым. Ніколі-ніколі ты не адчуў асалоду вольнага плавання! Але як узнагарода – зачараваная прыгажосць зарэчнай панарамы.

Пытаю ў сяброўкі Восені, дзе гэта яна так вучылася маляваць? Якія-такія скончыла універсітэты? Маўчыць красуня, толькі ўсміхаецца…

У неабсяжнай прахалоднай высі плывуць пульхнатыя воблачкі. Скрозь іх ватную вязкасць настойліва прабіваюцца сонечныя промні. Адсутным позіркам на іх глядзіць апусцелы пляж. Адважныя праменьчыкі асцярожна і жаласліва дакранаюцца да парадзеўшых шатаў дрэў, асірацелых кустоў, пажоўклай травы, нібы жадаюць сагрэць іх апошнім цяплом. Уяўляю, як яны далікатна прасочваюцца праз лёгкі вэлюм срэбнага павуціння, не зачапіўшы ніводнай танюткасці. Потым у знямогласці прыпадаюць да жыватворнай хуткаплыннай вільгаці. Не паспеўшы напіцца, хваравіта ламаюцца і зносяцца цёмнай халоднай цякучасцю.

Дзяжурнымі фразамі, не парушаючы ўрачыстай цішыні, гадзіннік на вежы настойліва нагадвае аб штодзённых клопатах. Дзіўна, але разам з гэтым прыходзіць адчуванне раўнавагі і заспакаення. Трывожнасць заціхла і адышла ў нябыт. Няхай яна там застанецца навечна!

Думаю пра тое, як пройдзе наступная сустрэча з велічнай гаспадыняй восеньскага парку. На гэта спатканне я прыду ўжо не адна, а са сваёй маленькай дзяўчынкай. Мы будзем піць набгом гаючы водар чысцюткага паветра, здзіўляцца непаўторнасці і прыгажосці рознакаляровай стракатай лістоты; з усхваляваным адчуваннем вышыні старога мосціка, любавацца люстраной воднай роўняддзю лебядзінага возера, карміць птушак, пераносіць дажджавых чарвячкоў з халоднага камення на цёплую лісцвяную посцілку. Я павінна навучыць маленькую істоту разумець і берагчы гэтую гасціннасць, якая не мае межаў.

На жаль, не магу запрасіць цябе, мая Восень, да сябе ў госці. У шумлівым месцы, паміж дзвюх вулічных імклівых плыняў, табе будзе няўтульна і неспакойна. Тут, у гэтым цудоўным парку - твой дом і тваё месца. Думаю, што менавіта цябе, музу вялікіх паэтаў, так шанавалі і любілі высакародныя гаспадары вядомых уладанняў. Але прыйдзе час, і ты, мая велічная прыгажуня, cкінеш святочны ўбор, здымеш залатую карону, а потым годна і бездакорна перадасі ключы іншай асобе, якая таксама будзе дбайна берагчы самабытную спадчыну. Але гэта ўжо другая гісторыя, якая кранае мяне значна менш.

скачать софт